КАРОТКАЕ АПІСАННЕ
Рэформа будзе садзейнічаць павышэнню ўдзелу грамадзян у выбарах, а таксама ўплыву на выпрацоўку палітыкі на нацыянальным, рэгіянальным і мясцовым узроўнях. Прапануюцца меры па ўмацаванні фінансавай устойлівасці палітычных партый за кошт дзяржаўнай падтрымкі. Замацоўваюцца гарантыі доступа да дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, роўныя правы на ўдзел у выбарах у органы ўлады і на рэферэндумах, спрашчаецца працэдура рэгістрацыі новых палітычных арганізацый. Пашыраюцца магчымасці ўдзелу прадстаўнікоў партый і саюзаў у пасяджэннях дзяржаўных органаў.
Фарміруецца аснова для дэмакратычнага транзіту ўлады, у тым ліку праз размежаванне палітыкі і бізнесу. Праводзіцца дэпалітызацыя і дэілагізацыя школы, каледжаў, універсітэтаў і працоўных калектываў. Палітычныя партыі надзяляюцца правам заканадаўчай ініцыятывы, а таксама права зварота ў Канстытуцыйны суд. Здымаюцца абмежаванні пры правядзенні масавых мерапрыемстваў і адмяняецца аплата паслуг дзяржслужбаў пры іх правядзенні.
ПРАБЛЕМЫ, НА РАШЭННЕ ЯКІХ НАКІРАВАНА РЭФОРМА
1. Празмерная забюракратызаванасць, складанасць і працаёмкасць працэдуры рэгістрацыі палітычных партый і саюзаў.
Для стварэння партыі патрабуецца не менш за 1000 заснавальнікаў ад большасці абласцей і г. Мінска, а таксама дэталёвыя формы ўліку асабістых дадзеных (хатні і працоўны тэлефоны). Гэта стварае магчымасці для ўмяшальніцтва ў асабістае жыццё грамадзян і ціску з боку органаў улады і працадаўцаў.
2. Дыскрымінацыйная палітыка ў дачыненні да апазіцыйных партый.
Гэта пацвярджаецца тым, што ў партый узнікаюць цяжкасці пры атрыманні юрыдычнага адрасу і пры арэндзе памяшканняў, у тым ліку для правядзення статутных з’ездаў і мерапрыемстваў.
3. Паведамляльны прынцып рэгістрацыі няўрадавых арганізацый.
Дзейнасць ад імя незарэгістраваных арганізацый пераследуецца ў адміністрацыйным парадку.
4. Абмежаваны доступ да дзяржаўных СМІ, уключаючы тэлебачанне і радыё.
Партыі могуць трапіць на старонкі дзяржаўных газет і тэлебачання толькі падчас выбараў. Гэта прадугледжваецца бясплатнай падтрымкай дзяржавай кандыдатаў у дэпутаты парламента і прэзідэнты.
У дзяржСМІ часцяком прадастаўляецца ангажаваная і тэндэнцыйная інфармацыя, без альтэрнатыўнага меркавання і каментароў з боку прадстаўнікоў партый.
5. Адсутнасць дзяржаўнага фінансавання і перашкоды з боку ўладаў па атрыманні падтрымкі з боку бізнесу і грамадзян.
З-за пагроз уладаў апазіцыйныя партыі практычна не атрымліваюць ахвяраванняў ад прыватных фірмаў, прадпрымальнікаў, дзяржаўных прадпрыемстваў або грамадзян.
6. Карныя нормы беларускага заканадаўства па ліквідацыі партый.
Нормы заканадаўства разлічаны на хуткую і фармальную ліквідацыю непажаданых партый, што стварае магчымасці для адвольнай расправы з арганізацыямі.
АСНОЎНЫЯ МЭТЫ / ЗАДАЧЫ РЭФОРМЫ
Мэтай рэформы з’яўляецца ўмацаванне статуса палітычных партый, саюзаў у жыцці дзяржавы і грамадства, а таксама ўзмацненне іх ролі ў выбарных органах улады.
1. Спрашчэнне рэгістрацыі палітычных партый і пастаноўкі на ўлік іх аргструктур.
2. Забеспячэнне фінансавання парламенцкіх партый за кошт дзяржаўнага бюджэту.
3. Прадастаўленне роўнага і рэгулярнага доступа партый і саюзаў да дзяржаўных СМІ.
4. Абмежаванне мер па ліквідацыі партый і саюзаў, якія маюць адвольны ці карны характар.
5. Павышэнне ролі партый у выбарных органах за кошт увядзення прапарцыйна-мажарытарнай сістэмы выбараў у парламент і мясцовыя Саветы дэпутатаў.
6. Узмацненне ролі партый і саюзаў па забеспячэнні празрыстасці выбарчага працэсу.
7. Дэпалітызацыя і дэідэалагізацыя школ, каледжаў, універсітэтаў і працоўных калектываў.
8. Надзяленне палітычных партый правам заканадаўчай ініцыятывы і зварота ў Канстытуцыйны суд.
9. Лібералізацыя патрабаванняў да правядзення масавых мерапрыемстваў партыямі.
АСНОЎНЫЯ МЕРЫ
1. Паменшыць колькасць заснавальнiкаў (членаў) палітычных партый да 500 чалавек.
Практыка стварэння і дзейнасці палітычных партый у Беларусі паказала, што 1000 заснавальнікаў – гэта занадта вялікая колькасць. Для стварэння іншых рэспубліканскіх грамадскіх аб’яднанняў дастаткова наяўнасці 50 заснавальнікаў.
2. Абавязаць органы мясцовага кіравання і самакіравання садзейнічаць заснавальнікам у прадастаўленні памяшкання з фонду камунальнай уласнасці па месцы правядзення ўстаноўчых з’ездаў і іншых статутных мерапрыемстваў.
3. Выкарыстоўваць “кантактны тэлефон” пры рэгістрацыі палітычнай партыі, саюзаў.
Выключыць магчымасць аказання ціску на заснавальнікаў з боку органаў улады, а таксама ўварвання ў асабістае жыццё.
4. Падзяліць працэдуры дзяржаўнай рэгістрацыі палітычных партый і пастаноўку на ўлік аргструктур партыі.
Стварэнне і пастаноўка на ўлік арганізацыйных структур партыі з’яўляецца справай самой партыі. Сыходзячы з гэтага мясцовыя ўпраўленні юстыцыі абавязаны паставіць іх на ўлік пры прадстаўленнi неабходных дакументаў.
5. Забараніць стварэнне і дзейнасць палітычных партый, саюзаў, якiя маюць на мэце гвалтоўнае змяненне канстытуцыйнага ладу цi вядуць прапаганду вайны, сацыяльнай, нацыянальнай, рэлігійнай і расавай варожасці.
6. Прадугледзець магчымасць удзелу партый і саюзаў у арганізацыі і правядзенні рэферэндумаў як на нацыянальным, так і мясцовым узроўнях.
7. Дапоўнiць спіс асоб, якія не могуць быць членамі палітычных партый, супрацоўнікамі Следчага камітэта.
8. Выключыць магчымасць умяшальніцтва ў справы партый і саюзаў з боку Прэзідэнта.
Вызначэнне наймення палітычных партый можа рабіць толькі рэгіструючы орган па ўзгадненні з заснавальнікамі.
9. Прадугледзець пастаяннае прамое фінансаванне палітычных партый з дзяржбюджэту.
Дзяржаве неабходна прадастаўляць бюджэтныя датацыі партыям за дзейнасць у межах заканадаўства і статутных дакументаў. Паказчыкам гэтага з’яўляецца ўдзел у выбарах.
10. Забяспечыць роўны і пастаянны доступ партый і саюзаў да дзяржаўных СМІ.
Неабходна скласці спіс грамадска-палітычных праграм на дзяржаўных тэле- і радыёканалах з прадастаўленнем прадстаўнікам апазіцыі ў гэтых перадачах не менш за 25% эфірнага часу.
11. Увесці адказнасць партый і саюзаў за сістэматычнае (а не аднаразовае) парушэнне заканадаўства на працягу пэўнага перыяду часу.
12. Замацаваць гарантаванае права партый у фармаванні выбарчых камісій з ліку сваіх прадстаўнікоў.
У складзе выбаркамаў можа быць не больш за аднаго прадстаўніка ад кожнай палітычнай партыі. Замацаваць магчымасць прысутнасці на пасяджэнні органаў, якія ўтвараюць камісіі, прадстаўнікоў партый, а таксама знаёміцца з дакументамі аб вылучэнні ў выбаркамы.
13. Увесці змешаную (прапарцыйна-мажарытарную) сістэму па выбарах у парламент з 3% выбарчым бар’ерам.
Склад парламента і мясцовых Саветаў дэпутатаў дазволіць адэкватна адлюстроўваць палітычныя перавагі грамадства, і будзе прадстаўляць інтарэсы значных груп насельніцтва.
14. Скасаваць вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты і членаў выбаркамаў працоўнымі калектывамі.
15. Ліквідаваць пасады ідэолагаў у працоўных калектывах, школах, каледжах і ўніверсітэтах.
16. Надзяліць партыі правам заканадаўчай ініцыятывы і зварота ў Канстытуцыйны суд.
Пры праве заканадаўчай ініцыятывы распрацаваныя законапраекты з’яўляюцца абавязковымі для ўнясення ў парадак дня і разгляду парламентам незалежна ад таго ці прадстаўлена партыя ў парламенце. Палітычная партыя зможа накіроўваць звароты ў Канстытуцыйны суд і па прынятых парламентам законах.
17. Увесці паведамляльны прынцып правядзення масавых мерапрыемстваў партыямі і адмяніць аплату паслуг міліцыі, хуткай дапамогі і камунальнай службы.
Апавяшчэнне аб мерапрыемстве, якое мусіць адбыцца, павінна накіроўвацца ў мясцовы выканкам не пазней чым за дзень да яго правядзення. Мясцовыя органы ўлады павінны забяспечыць бяспеку мерапрыемства, якое мусіць адбыцца. Аплата паслуг міліцыі, медыкаў і камунальных службаў ужо аплачаны за кошт падаткаў грамадзян. Камерцыялізацыя гэтых пытанняў не дапускаецца.
ОРГАНЫ, ЯКIЯ ПРЫМАЮЦЬ РАШЭННЕ
Парламент, Савет Міністраў, Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў.
НАРМАТЫЎНЫЯ ПРАВАВЫЯ АКТЫ
Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь ад 15 сакавіка 1994 г.
Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 11 лютага 2000 г. № 370-З.
Закон Рэспублікі Беларусь ад 5 кастрычніка 1994 г. № 3266-XII “Аб палітычных партыях”.
Закон Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 1997 г. №114-3 “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”.
Пастанова Савета міністраў ад 24 студзеня 2019 г. №49 “Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку аплаты паслуг па ахове грамадскага парадку, якія аказваюцца органамі ўнутраных спраў, расходаў, звязаных з медыцынскім абслугоўваннем, уборкай тэрыторыі пасля правядзення на ёй масавага мерапрыемства”.
Прапановы распрацаваны экспертамі: Ігар Барысаў, Міхаіл Пастухоў, Аляксей Сігаеў.